Урок навучання грамаце (навучанне пісьму) у 1 класе

Тэма: Падзел слоў на склады. Перанос слоў па складах.

Мэты: паўтарыць правіла падзелу слоў на склады,

забяспечыць знаёмства навучэнцаў з правіламі пераносу слоў з аднаго радка на другі,

паўтарыць правілы спісвання і пісьма пад дыктоўку

Абсталяванне: вучэбны дапаможнік «Пісьмо» с. 16-17, 41-42, 47.

I.                  Этап падрыхтоўкі да засваення новых ведаў і спосабаў дзеянняў. Паведамленне тэмы ўрока.

Настаўнік паведамляе, што на ўроку навучэнцы паўтораць правілы спісвання           і пісьма пад дыктоўку слоў, сказаў, даведаюцца што трэба рабіць, калі слова поўнасцю не змяшчаецца на адным радку.

II.              Этап засваення новых ведаў і спосабаў дзеянняў.

  1. Паўтарэнне асноўных правіл пісьма.

Праца ў парах. Вучні паказваюць адзін аднаму, як трэба правільна сядзець               за партай, размяшчаць сшытак пры пісьме, трымаць ручку.

2.                Актуалізацыя апорных ведаў. Падзел слоў на склады.

Адпрацоўка навыку ніжняга злучэння літар і падзелу слоў на склады. Настаўнік дае ўзор злучэння літар ла, ал, ма, ам. Навучэнцы запісваюць літары на пустым радку (с. 41, першая група літар). Педагог просіць вучняў расказаць, як словы падзяляюцца на склады. Вучні дзеляць на склады слова малако, карыстаючыся вядомымі ім спосабамі дзеяння (скандзіраванне слоў  у гульнявой сітуацыі «У лесе» або «На стадыёне»), запісваюць слова на радку побач са злучэннямі літар.

  • Перачытайце яшчэ раз запісаныя злучэнні літар. Якое з іх з’яўляецца першым (другім) складам слова малако?

Адпрацоўка навыку вызначэння колькасці складоў у словах і чытання слоў, запісаных рукапісным шрыфтам. Настаўнік прапануе вучням адгарнуць с. 47 вучэбнага дапаможніка, прачытаць першы і другі радкі слоў (выкарыстоўваецца метадычны прыём “Снежны ком”). Арганізуецца выбарачнае чытанне:

Прачытайце аднаскладовыя (двухскладовыя) словы ў першым і другім радках. Што дапамагло вам хутка знайсці такія словы? (Арыентаваліся на колькасць літар галосных гукаў у словах.)

Адпрацоўка навыку графічнага падзелу слоў на склады. Навучэнцы чытаюць словы (с. 16, заданне 1), вусна дзеляць іх на склады, запісваюць словы на ўзор: гусь, гу-сі, гу-ся-ня.

Настаўнік   фармулюе   праблемнае   пытанне:   «У   якой   сітуацыі не абысціся без умення дзяліць слова на склады?». Педагог прапануе выканаць наступнае заданне, каб адказаць на гэта пытанне.

3.                Увядзенне спосабу пераносу слоў.

Навучэнцы знаёмяцца са спосабам пераносу слоў, апісаным у рамцы побач са знакам «Важная інфармацыя» (с. 16) і адказваюць на пастаўленае праблемнае пытанне. (Трэба ведаць, як дзяліць словы на склады, каб навучыцца правільна пераносіць словы з аднаго радка на другі.)

Навучэнцы разглядаюць ілюстрацыю (с. 16), называюць птушак, адлюстраваных на ёй (гусі).Арганізуецца чытанне тэксту «Гусіная сям’я», запісанага рукапісным шрыфтам з пераносам слоў (с. 16, заданне 2). Педагог звяртае ўвагу вучняў на знак, які выкарыстоўваецца для переносу слоў:

  • Гэта невялікая рыска   называецца «знак пераносу». Яна ўказвае на тое,              што працяг слова змешчаны на наступным радку. Каб прачытаць слова поўнасцю, трэба прачытаць разам дзве часткі, змешчаныя на розных радках.

Паслухайце верш:

Качаняты

Ходзяць гусі ланцужком:

Гусачкі за гусаком,

А за імі – гусяняты

І малыя качаняты. Прытуліла, як свая,

Іх гусіная сям’я.

З. Марозаў

  • Хто складае гусіную сям’ю? Якую добрую справу зрабілі гусі? Хто такія качаняты? Вусна падзяліце гэта слова на склады. (Ка-ча-ня-ты.) Як яго можна перанесці з радка на радок? (Разглядаюцца і запісваюцца на дошцы і   ў сшытках тры варыянты пераносу: ка-чаняты, кача-няты, качаня-ты. Настаўнік нагадвае, што падчас запісу слоў вучні павінны захоўваць правілы пісьма пад дыктоўку.)

4.     Знаёмства с правіламі переносу слоў.

Настаўнік ставіць перад вучнямі задачу:

  • Сёння на ўроку нам трэба даведацца, якія правілы пераносу слоў ёсць у беларускай мове.

Навучэнцы знаёмяцца з першым правілам, змешчаным у рамцы побач са знакам «Важная інфармацыя» (с. 17), і адказваюць на пытанне настаўніка:

  • Ці можна адну літару пакідаць на радку або пераносіць на наступны радок?

Праводзіцца  распазнаванне  слоў,  якія  нельга   пераносіць   з   радка на радок (с. 17, заданне 1). Вучні чытаюць словы, вусна дзеляць іх на склады і падкрэсліваюць словы, якія не пераносяцца: Іван, алея, шыя. Навучэнцы запісваюць з каменціраваннем астатнія словы, падзяляючы іх для пераносу. Арганізуецца самаацэнка выканання задання з выкарыстаннем лінеечкі.

Навучэнцы знаёмяцца з другім правілам, змешчаным у рамцы побач   са знакам «Важная інфармацыя» (с. 17), і адказваюць на пытанне настаўніка:

  • Якія літары і знакі пры пераносе слова застаюцца на папярэднім радку?

Вучні калектыўна дзеляць словы на склады, вызначаючы месца пераносу і абазначаючы яго рыскай (с. 17, заданне 1): праў|да, чай|ка, кань|кі. Потым дзеці самастойна запісваюць гэтыя словы на наступным радку, падзяляючы іх для пераносу адпаведным знакам. Настаўнік нагадвае, што падчас запісу слоў вучні павінны захоўваць правілы спісвання. Арганізуецца ўзаемаацэнка выканання задання з выкарыстаннем лінеечкі.

Па меркаванні настаўніка і пры наяўнасці часу выконваецца заданне 5 на с. 42 вучэбнага дапаможніка. Вучні складаюць і запісваюць словы (кара, мель, рама, мерка, Макар, рак, Марк і г.д.), падкрэсліваюць тыя з іх, якія нельга перанесці з радка на радок, астатнія словы вусна дзеляць для пераносу. Падчас  запісу  слоў  вучні  павінны  захоўваць  правілы  пісьма  пад дыктоўку.

III.           Рэфлексіўны аналіз вынікаў вучэбнай дзейнасці. Падвядзенне вынікаў урока.

Педагог прапануе навучэнцам расказаць, якія заданні яны выконвалі   на ўроку, чаму пры гэтым навучыліся. Настаўнік паведамляе, што мэта ўрока дасягнута: вучні пазнаёміліся з правіламі пераносу слоў з радка на радок, паўтарылі правіла падзелу  слоў  на  склады,  правілы  спісвання  і  пісьма  пад дыктоўку.